Лошыца. Сядзібна-паркавая забудова Прушынскіх у Мінску. Размешчана на частцы раней існуючага гарадзішча X-XIII стагоддзяў. З пачатку XVIII стагоддзя ўладанні Прушынскіх, якія заклалі тут сядзібу ў стыле барока, уязную браму, флігель, капліцу, парк з алеямі і сады. Упарадкавалі рэчышчы і ў некалькі гектараў сажалку з мастамі.

Развіццё гэтай мясціны працягнулі Любанскія. У 1890-х гадах быў створаны вінакурны комплес і мураваны вадзяны млын. Доўгі час гэтыя збудаванні знаходзіліся ў запусценні. У 1988 годзе парк і сядзіба абвешчаны помнікамі, затым і ўвесь Лошыцкі комплекс.

Работы па аднаўленню пачаліся ў пачатку XXI стагоддзя. Цяпер настала чарга рэстаўрацыі гаспадарчага комплекса ў складзе вінакурні, млына і будынка інтэрната.

Актыўна і мэтанакіравана работы вядуцца трэці год, і ёсць надзея, што асноўныя рэстаўрацыйныя, аднаўленчыя будуць закончаны ў гэтым годзе.

Навуковы кіраўнік - А.С.Вашкевіч, кіраўнік прадпрыемства па рэстаўрацыі цаглянай муроўкі - С.М.Салаўёў - чальцы нашага Аб’яднання рэстаўратараў!